Экалагічны пост на рэчцы Бобрык

20.11.2018

     Наша Палессе багата малымі рэчкамі. Менавіта яны з'яўляюцца важнымі крыніцамі пітной вады, без іх не можа развівацца сельская гаспадарка.

    Экасістэмы нашага рэгіёну падтрымлівае рэчка Бобрык. Яна з'яўляецца прытокам ракі Прыпяць, якая ў сваю чаргу ўпадае ў Чорнае мора. Таму кожны чалавек, які пражывае ў нашай мясцовасці, павінен разумець, што ад экалагічнага становішча ракі Бобрык залежыць і стан мора. У цяперашні час наша рэчка забруджана. З мэтай своечасовага выяўлення праблем і іх ліквідацыі ў рамках трансгранічнага праекта, які сафінансуецца Еўрапейскім саюзам у межах Праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства, ў нашай школе быў створаны экалагічны пост. Вучні будуць праводзіць кампаніі па ачыстцы берагоў рэчкі ад смецця. Пры дапамозе кампактных лабараторый нашы юныя эколагі могуць праверыць узровень забруджанасці вады. Гэтая інфармацыя накіроўваецца ў раённую прыродаахоўную інспекцыю для рэагавання і размяшчаецца на спецыяльным сайце http://pry5.org. Дзякуючы гэтаму сайту мясцовыя жыхары змогуць даведацца аб праблемах ракі Бобрык і іншых малых рэчак Пінскага раёна.

   

 

    Важным этапам праекта сталі трансгранічныя маніторынгавыя візіты. З мэтай ачысціць берагі рэчкі Быстрыцы дзесяць вучняў нашай школы наведалі Падкармільскую гімназію Любяшоўскага раёна на Украіне. Сумесная ачыстная кампанія прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы. Праз тыдзень з мэтай правесці хімічны аналіз вады ракі Бобрык вучні з Падкармілля прыехалі да нас. З першым снегам мы сустрэлі нашых гасцей. Нягледзячы на дрэннае надвор'е, настрой у дзяцей быў цудоўны. Яны наведалі рэчку, узялі ваду для аналізу. Закончылася сустрэча сяброўскай спартландыяй.

    Дзякуючы праекту “Трансгранічныя водныя інспектары” праблема экалагічнага стану малых рэк басейна ракі Прыпяць стала актуальнай. А яшчэ гэты праект даў магчымасць і дзецям, і настаўнікам набыць сяброў у нашай суседняй краіне, абмяняцца з імі вопытам і ведамі ў вобласці аховы воднага багацця нашай краіны.

Н.А.Сідарэвіч, настаўнік біялогіі