Зямля, дзе пачаўся твой лёс

07.09.2020

       Малая радзіма – святое месца для кожнага з нас. Яно цягне да сябе нябачнай, але дужа моцнай ніткай. Радзіма пачынаецца з белай бярозкі пад акном, цераз якое мы бачым свет, школы, дзе ўсвядомілі паняцці малой і вялікай Радзімы, даведаліся пра яе далёкае мінулае. Для нас яна найпрыгажэйшая і лепшая, бо тут  самыя квяцістыя сады, самыя лепшыя краявіды, самы непаўторны водар, а яшчэ тут жывуць асаблівыя людзі. Як прыемна кожны дзень адкрываць для сябе таленавітасць нашага народа, бачыць прыгажосць роднага куточка, слухаць пявучую беларускую мову і адчуваць ў душы вялікі гонар за сваю зямлю. Толькі на роднай зямлі чалавек дыхае свабодна, адчувае падтрымку сваіх блізкіх і родных, можа карыстацца спадчынай продкаў. Яна заўсёды ў нашых сэрцах, дзе б мы ні былі, у нашай свядомасці, у вечнай і нязменнай любові да роднага краю, бацькоўскага дома.

     5 верасня вучні 7-8 классаў адправіліся ў краязнаўчае падарожжа “Зямля, дзе пачаўся твой лёс”, пад час якога яны далучыліся да духоўных каштоўнасцей роднай зямлі, да традыцый і абрадаў. Дзеці дыкламавалі вершы, узгадвалі песні і танцы роднага краю.  Тэме роднай зямлі народ прысвяціў шмат прыказак і прымавак. Увазе дзяцей  прапанавалася  гульня «Знайдзіце пару». (Пасля таго як складзена прыказка (прымаўка), вучням неабходна растлумачыць яе сэнс). У спадчыну ад мінулых пакаленняў нам дасталася вялікая колькасць назваў населеных пунктаў, рэк, палёў, урочышчаў. Дзеці з цікавасцю расказвалі пра назвы ўрочышчаў сваёй мясцовасці, успомнілі і легенды пра паходжванне назваў сваіх вёсак. Мерапрыемства атрымалася насычаным і цікавым.

 

        Давайце адкрываць  для сябе таямніцы малой Радзімы, заганарымся ёй i зробiм усё, каб наш край ведаў i паважаў увесь свет. Вельмі хочацца, каб ў  сэрцах назаўсёды захавалася гордасць, павага і любоў да роднай зямлі.

       Г.К. Завадская, педагог – арганізатар