Мелодыя сэрца

20.02.2021

“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму

– на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх… ”

 З.Бядуля

          У свеце налічваецца больш чым шэсць тысяч моў. Адны з іх вабяць сваёй непаўторнасцю і прыгажосцю, другія – мілагучнасцю. Аднак сярод гэтага мноства моў ёсць адна асаблівая – родная, беларуская мова.

         21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы, міжнародны дзень матчынай мовы. Гэта дзень заахвочвання моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, усведамлення моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

         “Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову” – так гаварыў Я.Колас. 20 лютага вучні прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы, якія праходзілі ў народным літаратурна-краязнаўчым музеі Я.Коласа ў в. Пінкавічы. Вучні ў нацыянальных касцюмах з прыгожымі прывітальнымі словамі звярнуліся да ўсіх, хто зайшоў у музей. З гонарам расказвалі аб тым, што ім у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, мова бацькоў і дзядоў, вялікі нацыянальны скарб.   

         У сённяші час мы ўсё менш можам чуць дыялектнай мовы, якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак. Кожны беларускі дыялект мае свае спецыфічныя асаблівасці. А каб бліжэй пазнаёміцца з мясцовай гаворкай, мы запрасілі ўсіх прысутных на абрад “Пырогі”, які прадставілі вучні VII класа. А ў канцы мерапрыемства ўсіх гасцей запрасілі пакаштаваць сапраўдны каравай.

         Родная мова шмат не патрабуе. А калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе – павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць.

         Калі ты чуеш яе – ці то сучасную літаратурную,  ці  змешаную “трасянку”, або мясцовую дыялектную – ведай, што гэта ўсё яна – наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі  яе, бо яе месца ў тваёй краіне. Нашы бацькі,  дзяды і прадзеды  нямала зрабілі, каб  беларуская  мова была прызнана як роўная сярод іншых моў свету.

Курыльчык Н.М., класны кіраўнік