У свеце прафесій. Лясная гаспадарка

31.10.2018

   Выбар чалавекам прафесіі – гэта выбар чалавекам свайго лёсу. Каб не зрабіць памылкі, важна ведаць правілы гэтага выбару. Адным з правіл з’яўляецца неабходнасць ведаць патрабаванні кожнай прафесіі і ўмець суадносіць іх з уласнымі магчымасцямі. З мэтай азнаямлення з работай людзей розных прафесій, якія звязалі сваё жыццё з лесам, была арганізавана экскурсія з вучнямі 6-8 класаў ў Малаплотніцкае лясніцтва. Гэтае месца было выбрана невыпадкова. На працягу доўгага часу, пачынаючы з 1940 года, гэтае лясніцтва зберагае галоўнае багацце нашай краіны. На парозе нас сустрэў ляснічы Юрый Яўгеньевіч Валах і яго намеснік Наталля Васільеўна Валах. Юрый Яўгеньевіч працягвае справу свайго бацькі Яўгенія Мікалаевіча, які сорак гадоў быў тут ляснічым. Ён з захапленнем расказаў пра гісторыю лясніцтва, паказаў сродкі пажаратушэння, якія выкарыстоўваюць пры тушэнні лясных пажараў.

  Візітнай карткай Малаплотніцкага лясніцтва з’яўляецца дэндралагічны парк, які быў закладзены два гады назад. Тут вучні змаглі ўбачыць незвычайныя дрэвы і кусты, якія ў нашай мясцовасці не сустракаюцца. Таксама ляснічы расказаў пра асаблівасці такіх прафесій, як таксатар, вальшчык лесу, майстар лесу, ляснічы, намеснік ляснічага. З работай вальшчыка лесу вучні пазнаёміліся непасрэдна на месцы яго працы. Цікавай і пазнавальнай для дзяцей атрымалася экскурсія ў свет прафесій лясной гаспадаркі.

Сідарэвіч Н.А., класны кіраўнік