Малая радзіма

29.10.2018

У думках, у снах і ў марах
Ляцім на Радзіму Малую.
Пабыўшы на родных абшарах,
Яе абдымаю, цалую.

    Радзіма – краіна, горад, вёска, вуліца, дарога, якая вядзе да улюбёнага месца… Разам з гэтым, думкі-ўспаміны – родная хата, бацькі, суседзі, сябры і ўсё тое, што дадзена з першых дзён жыцця чалавеку. Год Малой радзімы, што вельмі важна для нас, даў магчымасць зразумець, што значыць Малая радзіма і дзе знаходзіцца тое месца. І тут самі сабою ўзгадваюцца словы з кнігі “Свята для сэрца” Анатоля Бензярука: “Адшукаць малую радзіму лёгка. Трэба толькі адчыніць дзверы, выйсці на вуліцу. Усё, што ўбачыш навокал, – гэта яна, твая Малая радзіма. Твая рэчка. Тваё поле. І твой лёс. Твая школа. Твая першая настаўніца… І яшчэ шмат, шмат чаго”. Малая радзіма – святое месца. Яно цягне да сябе нябачнай, дужа моцнай ніткай. Гэта тая нітка, якая звязвае ўсё жыццё маці і дзіця. І часам шмат дзеянняў і ўчынкаў проста нельга растлумачыць. Вучні і настаўнікі нашай школы вельмі любяць сваю Малую радзіму, кожны дзень праяўляюць сваю ўдзячнасць сваёй роднай старонцы, дзе нарадзіліся і жывуць, дораць усмешкі тым людзям, якія побач. Канешне, тую любоў не перадаць простымі словамі, але мы ўсё ж такі паспрабавалі гэта зрабіць.

     Так, у нашай роднай Бабрыкоўскай школе прайшоў конкурс “Дэльфійскія гульні”, а тэма яго была “Асенні маршрут. Малая радзіма”. Вучні I – XI класаў з задавальненнем спявалі прыпеўкі аб Малой радзіме, паказвалі заўгадзя падрыхтаваныя мультымедыйныя прэзентацыі і відэаролікі, у якіх можна было палюбавацца зноў і зноў роднымі палямі, лугамі, лясамі, вуліцамі, дамамі. Можна было яшчэ прагледзець цэлую кінастужку, пачынаючы ад сталіцы нашай Рэспублікі Беларусь да Брэсцкай вобласці, ад Пінскага раёна да нашай Малой радзімы, роднай і непаўторнай вёскі Бобрык.

  А як прыемна было слухаць песні аб Малой радзіме, прасякнутыя лёгкакрылай любоўю! А вершы, якія гучалі пад ціхенькую, душэўную мелодыю. Не абышліся і без танцораў, якія нагадалі аб тым, у якой прыгожай краіне мы жывем, а яшчэ аб тым, што такой краіны нідзе больш няма. Праз конкурс мы ўсе дакрануліся да святыні – Малой радзімы. Яшчэ раз пераканаліся, што сэрцам і душой адданыя назаўжды сваёй любай Радзіме, міламу куточку, роднай зямлі і ўсяму таму, што нас акружае.

А.М.Крывецкая, намеснік
дырэктара па выхаваўчай рабоце