Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў і прыёмаў навучання як сродка пазнавальнай дзейнасці вучняў

10.10.2018

      Ад майстэрства настаўнікаў залежыць узровень засваення вучнямі адпаведных вучэбных прадметаў. Менавіта таму педагогу неабходна ўмець карыстацца эфектыўнымі методыкамі выкладання, а таксама арыентавацца ў актуальных навуковых і метадычных тэндэнцыях. Бесперапынная метадычная дзейнасць спрыяе прафесійнаму ўдасканаленню настаўніка, што дазваляе яму адпавядаць патрабаванням сучаснага адукацыйнага працэсу 9 кастрычніка ў рамках пасяджэння метадычнага савета было разгледжана пытанне аб выкарыстанні інтэрактыўных метадаў і прыёмаў навучання як сродка пазнавальнай дзейнасці вучняў.

    Пытанне актуальнае, так як сучасны ўрок нельга ўявіць без выкарыстання актыўных метадаў навучання, якія прадугледжваюць разнастайнасць відаў, форм і спосабаў дзейнасці, сярод якіх важнае месца займаюць праблемна-пошукавыя, што ствараюць сітуацыі для самастойнага пошуку і свабоднага выбару, практычныя, наглядныя. Немагчымы сучасны ўрок і без нестандартных і творчых заданняў. Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання ў дзейнасці педагога - гэта важны і адказны крок, які патрабуе вялікіх эмацыйных выдаткаў, творчасці, высокай ступені эрудыраванасці і гатоўнасці да пастаянных змен. С.М.Завадская, настаўнік матэматыкі, расказала аб выкарыстанні інтэрактыўных форм і метадаў навучання на ўроках матэматыкі.

     Настаўнік біялогіі, Сідарэвіч Н.А., звярнула ўвагу на выкарыстанне інтэрактыўных метадаў на ўроках біялогіі для развіцця камунікатыўных уменняў вучняў. Наталля Аляксандраўна адзначыла, што цэлы ўрок ад арганізацыйнага этапа да рэфлексіі “зрэжысіраваць” і якасна правесці толькі на адным інтэрактыўным узаемадзеянні немагчыма, і на тое ёсць аб’ектыўныя прычыны. Па-першае, выкарыстанне на ўроку толькі інтэратыўных метадаў (пры ўсёй іх разнастайнасці ў выбары і класіфікацыях) ўсё ж такі стамляе і педагога, і вучняў. Па-другое, шматлікія перамяшчэнні па класе, гульні, выхады да дошкі, пастаянны абмен думкамі, сэнсамі, меркаваннямі на працягу цэлага ўрока ствараюць мітусню, часта расхаладжваюць асобных вучняў да такой ступені, што яны забываюцца пра тое, дзе знаходзяцца. Існуюць цяжкасці і з ацэньваннем дасягненняў вучняў. Аднак названыя праблемы ні ў якай меры не могуць перашкодзіць перакананню ў бясспрэчна важнай ролі інтэрактыўных метадаў у развіцці камунікатыўных здольнасцей школьнікаў. Кожны настаўнік пры жаданні знойдзе мноства спосабаў зрабіць інтэрактыўныя метады эфектыўнымі ў канкрэтным класе.

Н.М.Курыльчык, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце