Канікулы - час адкрыццяў

31.10.2017

   Давайце сэрцам прызнаем адну простую ісціну: дзеці – людзі як і мы, дарослыя. Больш таго, яны – наша надзея, наш гонар, наш галоўны клопат. А яшчэ яны – нашы суддзі, настаўнікі і нашчадкі. Яны толькі ростам маленькія, а маюць амаль усе якасці дарослых. У іх, як і ў прыроднай вясёлцы, – розныя колеры: аранжавы, чырвоны, блакітны, зялёны, фіялетавы, жоўты, сіні.

  Не старайся больш дарма – іншых колераў няма. Распраўляе крылцы пчолка, зелянее збажына. Загарэлася вясёлка – будзе добрая вясна. Так напісаў у 1957 годзе ў першым нумары “Вясёлкі” адзін з пачынальнікаў гэтага дзіцячага часопіса, патрыярх беларускай літаратуры Сяргей Грахоўскі. І тым самым як бы вызначыў магістральны накірунак для новага выдання.

 

   Так, 31 кастрычніка вучні I – IV класаў пабывалі ў гасцях у часопіса “Вясёлка”. Іх сустрэлі цудоўныя малюнкі таленавітага мастака Яўгена Ларчанкі, рэбусы, віктарыны, загадкі. Цікавым было даведацца, хто лепшы чытач, калі чыталі вершы і апавяданні розных беларускіх пісьменнікаў, такіх як: Лідзія Арабей, Мікола Чарняўскі, Ніна Галіноўская, Міхась Даніленка, Васіль Зуёнак, Казімір Камейша і іншых. Вельмі спадабалася вучням рубрыка “Наша спадчына”, у якой даведаліся пра старажытныя падзеі на нашай зямлі, пра знакамітых беларусаў, пра гісторыю гарадоў, пра нашы рэкі, азёры, пушчы. Потым дзеці малявалі малюнкі, якія хацелі б даслаць у “Вясёлку”. Усе былі вельмі актыўнымі, уважлівымі. Сустрэча з часопісам прынесла дзецям шмат радасці і задавальнення. Вясёлка на небе пасля першага дожджыку з громам – прадвесніца добрай вясны. Дык няхай жа “Вясёлка” для нашых дзетак-пралесак ззяе ўсімі сваімі колерамі мудрай педагогікі!

    Вучні V класа адправіліся ў незвычайнае падарожжа да Восені.

   Вучні VII - VIII класаў прынялі ўдзел у прававой гульні “Каб радасць людзям дарыць, трэба добрым і ветлівым быць”. Быў арганізаваны прагляд і абмеркаванне відэафільма “Адміністратыўная адказнасць непаўналетніх”, які засяродзіў увагу школьнікаў на важных аспектах правоў дзіцяці ў экстрымальных сітуацыях. Вельмі цікава прайшоў конкурс “Правы ў маім уяўленні”, дзе вучні расказалі, як яны ўяўляюць свае правы і абавязкі, чаму патрэбна быць законапаслухмяным грамадзянінам.

А.М.Крывецкая, настаўнік пачатковых класаў

Т.Р.Курыльчык, класны кіраўнік VIII класа