Восень залатая ў госці завітала

27.10.2017

     Вецер, дождж, туман – прыметы залатой пары года – восені. Усюды, куды ні кінь вокам, прыгожа: дрэвы стаяць у задуменнасці, амаль скінулі сваё ўбранне; птушкі адлятаюць у вырай і можна пачуць лёгкае – курлы-курлы; людзі прыбіраюць ураджай; зямля пачарнела і дзе-нідзе блішчаць лужы пасля дажджу; неба часцей закрываюць хмары, якія не даюць выглянуць сонейку; жоўта-залатыя лісточкі так і кружаць у паветры, нібы ў зачараваным вальсе. Усюды ўладарыць восень. Але, нягледзячы на такое надвор’е, хочацца жыць, тварыць і радавацца кожнаму дню. Так, у чацвер, 26 кастрычніка, у госці да вучняў IV класа завітала Каралева Восень са сваімі загадкамі, прыказкамі і прымаўкамі, вершамі, гульнямі, пераклічкамі і, абавязкова, з гасцінцамі і пажаданнямі.

  

   Кожны вучань адчуў сапраўдны подых восені, дакрануўся да патаемнага, цудадзейнага свету гэтай прыгожай пары года. Восень – час, калі можна падумаць аб прошлым, цяперашнім і будучым, бо навокал становіцца ціха-ціха і думкі адна за адной перапаўняюць нас. Няхай восень не праміне нікога, кране кожнага і напомніць аб тым, што чалавек і прырода не могуць жыць адзін без аднаго. А інакш і быць не можа.

А.М.Крывецкая, настаўнік пачатковых класаў