Экалагічная азбука

12.06.2017

   12 чэрвеня пад дэвізам “Экалагічная азбука” прайшло шмат мерапрыемстваў у школьным аздараўленчым лагеры “Сонейка”.

   Экалагічную азбуку адкрывала пасяджэнне клуба “Тры П”, дзе кожны змог папрацаваць па вучэбных прадметах, якія больш цікавяць.

   Далей выхаванцаў чакала конкурсная праграма “Заалагічныя забегі”. Было сфарміравана дзве каманды: “Пінгвін” і “Дэльфін”. Да ўвагі дзяцей было прапанавана некалькі выпрабаванняў, такіх як “Размінка”, дзе трэба было прадоўжыць выраз: Мышка – (нарушка), Зайчык – (папрыгайчык), Канёк – (гарбунок), Муха – (цакатуха), Сарока – (белабока) і г.д.; “Пінгвіны”, дзе трэба было хутка прайсці дыстанцыю, не згубіўшы мяч, зажаты каленямі; “Сараканожкі”, дзе дзеці адлюстроўвалі сараканожку; “Кенгуру”, удзельнік выпрабавання зажымаў вялікі мяч паміж каленяў, апранаў на грудзі рукзак, у якім быццам бы сядзела дзіця і праходзіў перашкоды, скачучы да пазначанай лініі; “Жабы”, дзе кожны ўдзельнік скакаў, як жаба, і перадаваў эстафету наступнаму. “Заключны старт” быў прысвечаны розным жывёлам. Перамагло сяброўства. Усе ўдзельнікі атрымалі шмат задавальнення, іх перапаўнялі эмоцыі.

 

   З вялікім задавальненнем дзеці паўдзельнічалі ў гульні “Джунглі завуць”. Асноўнай задачай было стварыць атмасферу сяброўства, радасці, добрага эмацыянальнага настрою, выхаваць пачуццё любові да прыроды, да братоў нашых меншых, замацоўваць веды пра жывёл свету. За перамогу змагаліся дзве каманды “Траваядныя” і “Драпежнікі”. Дзеці адгадвалі загадкі пра жывёл, выконвалі розныя заданні. Перамогу атрымала каманда “Траваядныя”. Усе дзеці засталіся задаволенымі.

  Праз гульні, конкурсы дзеці дакрануліся да непаўторнага экалагічнага свету, да казачнага свету нашых любімых жывёл, птушак, побач з якімі нам хочацца жыць, радавацца, дапамагаць ім і аберагаць іх, бо гэта непасрэдна наша спрадвечнае багацце.

А.М.Крывецкая, выхавацель

С.М.Завадская, выхавацель