Зямля пад белымі крыламі

09.11.2019

     Навакольны свет такі вялікі і такі  шматгранны, але кожнаму чалавеку дарагі свой родны край, кожнаму ён здаецца самым непаўторным  і прыгожым, мы любім яго за тое, што тут нарадзіліся, выраслі. З вясны над нашай краінай , распасцёршы белыя ветразі крылаў, кружаць буслы. Іх многія, многія тысячы. І таму зямлю нашу, Беларусь, называюць “зямлёю пад белылі крыламі”. У пэўнай ступені бусел – сімвал Беларусі.

    Беларусы заўсёды  ўслаўлялі прыгажосць родных краявідаў, людзей, іх працавітасць, гераізм і самаадданасць Радзіме ў шматлікіх паданнях, мастацкіх,  літаратурных і музычных творах. У гэтым змаглі пераканацца 9 лістапада  ўдзельнікі літаратурна- музычнай гасцёўні “Зямля пад белымі крыламі”. Дзеці вучыліся бачыць прыгажосць прыроды праз мастацкія творы. Гэтаму спрыялі вершы, паданні, музыка, якія прагучалі  у час  мерапрыемства. Багатая культура роднай зямлі – наша неацэнная спадчына. Але галоўнае багацце краіны – яе людзі, якія жывуць тут, ствараюць матэрыяльныя і духоўныя багацці, зберагаюць іх, каб перадаць нашчадкам.

     Наведаўшы школьны музейны пакой, дзеці  далучыліся да гістарычнага мінулага і культурнай спадчыны роднага краю. А веданне гісторыі роднай зямлі лучыць нас з Бацькаўшчынай і дае права адчуць сябе беларусамі, гаспадарамі нашай зямлі. Нам яе трэба берагчы, захоўваць спадчыну продкаў, ведаць і шанаваць гісторыю. 

Г.К.Завадская, педагог – арганізатар