Размова на цяжкую тэму

16.11.2019

        Падлеткавы ўзрост, які часта называюць таксама пераходным узростам, вельмі важны перыяд у жыцці чалавека. Гэта пераход ад дзяцінства да даросласці.  Гэты перыяд вельмі насычаны і цяжкі ў жыцці і саміх бацькоў. Дзіця, якое, здавалася, і настаўнікі, і бацькі ўжо вельмі добра ведаюць, раптам можа моцна змяніцца. Змяняецца характар, спосаб мыслення, і, на жаль, часам гэтыя змены ідуць не ў лепшы бок. Гэта перыяд хісткай раўнавагі, самавызначэння, прыняцця зменаў, якія адбываюцца. Адчуванне ўласнай даросласці, якое з'яўляецца, патрабуе пацвярджэння, і часта падлетак ідзе па самым простым шляху — за кошт іншых, спрабуючы раней забароненыя словы, выразы, інтанацыі. Перажыць падлеткавы крызіс — задача не з лёгкіх. Кожны тут знаходзіць свой шлях. І няхай не заўсёды бацькі здольныя захаваць такую неабходную вытрымку, але імкнуцца да гэтага — галоўная задача старэйшых.

         З мэтай абмеркавання праблем у выхаванні вучняў VIII класа, выбару аптымальных метадаў і форм выхаваўчай работы быў праведзены бацькоўскі сход. На ім прысутнічала педагог сацыяльны Банцэвіч А.І., якая паведаміла, што з надыходам сярэдняга падлеткавага ўзросту паводзіны падлеткаў відавочна пагаршаюцца. Хоць, адназначна сказаць, калі менавіта надыходзіць гэты перыяд нельга, бо ён залежыць не ад каляндарнага ўзросту, а ад індывідуальных асаблівасцяў арганізма і звязаны з момантам наступлення палавога паспявання. Дзеці ў гэтым узросце становяцца «выбуханебяспечнымі» і ранімымі, таму вельмі важна ўмець правільна ўспрымаць праблемы дзіцяці і знайсці да яго падыход. У ходзе размовы бацькі падзяліліся сваімі «сакрэтамі» рашэння канфліктных сітуацый, якія ўзнікаюць непасрэдна ў іх сем'ях. Гетман Н.І. выказала меркаванне, што менавіта ад разумення і паважлівага стаўлення да пасталеўшага дзіцяці залежыць, як менавіта ён будзе ставіцца да сябе, акаляючых і планах на будучае жыццё і вучобу. У завяршэнні бацькоўскага сходу кожны ўдзельнік атрымаў памятку з парадамі ад псіхолага, якія дапамогуць пераадолець гэты няпросты перыяд у жыцці і настаўнікаў, і бацькоў, і саміх дзяцей.

                                                 Н.А.Сідарэвіч, класны кіраўнік VIII класа