Месца, дзе я жыву

06.02.2021

    У кожнага з нас ёсць свая маленькая радзіма – той куточак зямлі, дзе мы нарадзіліся, дзе праходзіць наша дзяцінства, дзе жывуць нашы бацькі і сябры, дзе знаходзіцца наш родны дом.  

    Што значыць - мая маленькая Радзіма? Мая - таму што тут мая сям’я, мае сябры, мой дом, мая вуліца, мая школа. Малая - таму што гэта маленькая частачка маёй вялікай краіны. Радзіма - таму што тут жывуць родныя майму сэрцу людзі: мама і тата, браты і сёстры, дзядулі і бабулі.

   Для мяне такім месцам з’яўляецца вёска Бобрык, якая знаходзіцца амаль шасцьдзесят кіламетраў ад раённага цэнтра – горада Пінска. Тут я нарадзілася і зрабіла свае першыя крокі. З першых дзён жыцця мяне акружаюць цяпло і клопат родных людзей,  грэюць промні  сонейка.  І для мяне няма прыгажэйшага месца,  чым мая вёска. Таму што тут усё маё.

    Мне вельмі падабаецца мая вёска летам. Вельмі прыгожа, калі цвітуць кветкі, якія растуць ў нашым двары, калі вакол лятаюць матылькі і пчолкі. Летам вельмі прыгожа каля рэчкі, дзе людзі любяць купацца. Але мая вёсачка прыгожая і зімой. Калі ідзеш па вуліцы і бачыш дамы, пакрытыя снегам. Яны быццам спяць. На вуліцы ціха… Чутна, як рыпіць пад нагамі снег.

    Я люблю сваю вёску таму, што яна вельмі прыгожая. Я тут вырасла, пайшла ў школу, тут у мяне з’явіліся мае сябры. Мае аднакласнікі жывуць у розных вёсках, але мы вельмі добрыя сябры і ніколі не сварымся. Нам весела вучыцца ў школе і прыемна разам адпачываць.

    Усе мы павінны берагчы і любіць сваю маленькую радзіму, таму што яна ў нас адна. Я хачу,  каб наш беларускі народ жыў шчасліва і мірна.

                                                          Кахновіч Таццяна, вучаніца ІІІ класа

Хоміч Л.У., класны кіраўнік