Сцежкамі паэта

05.01.2022

Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць, як жылі нашы продкі, трэба. А пры святле свечкі на покуце ў бацькоўскай хаце, пры святле малітвы ў душу відаць і тое, што засталося ў мінулым, і ясніцца шлях у будучыню. Усе гэтыя пачуцці мы можам адчуць толькі ў музеі.

         5 студзеня вучні завіталі ў госці ў вёску Пінкавічы, а калі быць болей дакладнымі – у народны літаратурна-краязнаўчы музей Я.Коласа, каб больш даведацца пра жыццё і творчасць беларускага класіка на Палессі. Музей расчыніў свае дзверы ў  1962 годзе, але тады гэта быў толькі маленькі пакойчык. Але ішоў час і ў 1990 годзе Коласава школа была цалкам аддадзена музею. На сённяшні час музей займае 4 пакоі, у якіх размешчана каля 1000 экспанатаў: кнігі Я.Коласа, фотаздымкі, партрэты, пісьма, прадметы дамашняга карыстання, адзенне і іншае. Экспазіцыя музея – гэта 4 раздзелы: “Мінулае Пінкавічаў. Сялянская хата”, “Я.Колас у Пінкавічах”, “Я.Колас у Пінску” і “Пінкавічы сёння”.

 

         Наведванне музея Я.Коласа паспрыяла не толькі бліжэйшаму знаёмству з усебаковай дзейнасцю народнага паэта, беларускай літаратурай і мастацтвам, але і духоўнаму ўзвышэнню таго, хто зойдзе ў гэты гасцінны Дом, дзе і цяпер жыве дух жыццялюбства, творчасці, пашаны да тых, хто працуе ў галіне мастацкага слова, любіць і шануе вялікі талент Песняра.

 

Н.М.Курыльчык, класны кіраўнік VIII класа